МІ́НСКАЯ ВАКА́ЛЬНАЯ СТУ́ДЫЯ,

прыватная навучальная ўстанова канца 19 ст. ў Мінску. Існавала ў 1890—93 (?). Арганізатар і педагог Н.Муранская. Мела на мэце падрыхтоўку оперных і камерных спевакоў. Праграма навучання складалася з 2 курсаў: малодшага (пастаноўка голасу, развіццё дыхання, выраўноўванне рэгістраў, вакалізацыя і тэорыя музыкі) і старшага (вывучэнне класічнай і сучаснай вак. музыкі, дэкламацыя і фразіроўка, спец. падрыхтоўка да сцэны: фарміраванне рэпертуару, вывучэнне роляў, сцэн. прыёмаў і інш.). У зімовы сезон студыйцы наладжвалі публічныя канцэрты.

Літ.:

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999. С. 125—126.

В.П.Пракапцова.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)